САЦЫЯ́Л-ДЭМАКРАТЫ́ЧНАЯ РАБО́ЧАЯ ПА́РТЫЯ ШВЕ́ЦЫІ (СДРПШ; Sveriges Socialdemokratiska Arbetarepartiet),
вядучая паліт. партыя краіны (належыць да левага кірунку). Засн. ў 1889 у Стакгольме. З 1897 дзейнічала парт. праграма, прынятая на ўзор Эрфурцкай праграмы С.-д. партыі Германіі (на аснове марксізму). Да 1899 дамінавала рэв. група А.Даніельсана, потым вылучылася памяркоўнае крыло на чале з К.Я.Брантынгам (лідэр партыі з 1907; у 1920, 1921—23, 1924—25 прэм’ер-міністр Швецыі). З 1930-х г. ідэалогія — рэфармізм (шведскі сацыялізм), у знешняй палітыцы — нейтралітэт краіны. У 1932—76, 1982—91 і з 1994 кіруючая партыя (у час прэм’ерства Брантынга і ў 1925—26, 1991—94 ва ўрадавай кааліцыі з інш. партыямі). Іншыя прэм’ер-міністры Швецыі ад партыі: Р.Сандлер (1925—26), П.А.Хансан (1932—46), Т.Эрландэр (1946—69), С.У.Пальме (1969—76, 1982—86), І.Г.Карлсан (1986—91, 1994—96), К.Більт (1991—94), Г.Персан (з 1996). Друкаваны орган — газ. «Arbetet» («Рабочы»). Уваходзіць у Сацыялістычны інтэрнацыянал.
Літ.:
Плевако Н.С. Швеция: реформизм против реформы.: К пробл. «экон. демократии» в 60—80-е гг. М., 1990.
т. 14, с. 211
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)